Не светлы дожджык, не туман:
Над Воршай навальніца сніцца:
У хмарах — лахманах буранных
Паўзуць з Усходу чужаніцы.
Рвуць рвань маланкі — пяруны,
Страляюць у дахі саламяныя,
І бухаюць у Крамлі ў званы
Цары крывавыя Іваны.
Усе навакол ідуць на мшу,
А ваяры сядлаюць коней,
Каб баранiць сваю душу
Мячом i крыжам i пагоняй.
Буран паўзе, грамы грымяць
І порах палыхае з ружжаў...
Бягу з палону — ног не ўзняць
І цяжкі сон ніяк не здужаю.
Прачнуўся, думаю: чый сон?
Ці мой, ці дзедаў мне прысніўся?
Прыёмнік з Краснай плошчы звон
Транслюе. Устаў я, памаліўся...