Пад шэрым небам

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
Абярог. С. Палiвода

Пад шэрым небам слёзы і мароз
Заільдзянелы крыж па-над магілай.
Я сёння кветкі прадзеду прынёс,
І палажыў іх пад той крыж пахілы.
І чырвань руж лягла на белы снег —
Магіла на кургане стала сцягам,
У ім і роднасць душ, у ім — сыноўскі грэх,
І вернасць, і любоў, і смутак, і адвага.
Застылі ў снежным мроіве палі,
Вакол ляжаць у снах палеткаў гоні.
Мой любы прадзед, чуеш, на Зямлі
Мы зноў сядлаем коней у Пагоню!
Хай нам спрыяе Бог, нямнога нас,
Нямнога — значыць цяжкая дарога.
Благаславі, дзядуля, у добры час,
Хай Бог нам будзе нашым абярогам!
І хоць наўкола мора бед і слёз,
Хаўрусяць здраднікі з нячыстай сілай...
Я сёння кветкі прадзеду прынёс,
І стала сцягам памяці магіла...