Зорны баль

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
Г. Селядзец

У крыштальна-ясным небе
Поўнач зорны баль спраўляе.
Акрыляе, вызваляе
Думак рой з душы збалелай,
Што як іскры мкнуць да зорак
І ў святле зіготкім тонуць.
У бясконцасці галактык
Зорны вецер туманамі
Ахінае таямніцы 
Дна крыніцы патаемнай,
Што ў прасторы час шыбуе.
Немы крык у цішы віруе...
Болем боль утаймаваўшы,
Голас слухаю пустынны,
Голас зорны ў зорным небе.
На Зямлі нямой, збалелай
Голас слухаю таемны,
Думак рой і б'ецца сэрца,
Бы лісток трымціць пытаннем:
"За што, Ойча, мяне любіш,
Што праз зоркі мяне клічаш?!."