Шэрань, снег, дарога ў лесе...

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
выява

Шэрань, снег, дарога ў лесе,
Спіць снежных сосен карагод,
Не чутна ў лесе зімнім песень
Марозны снег, слізгучы лёд.

Дарога ў панцыры лядовым,
Спяць верасы, спіць сон-трава.
Я вас вітаю з Годам Новым.
Я лецейка жадаю вам!
Навіслі хмары, дрэвы гнуцца,
Усё спіць і верыць цяжкім снам.
Жадаю вам хутчэй прачнуцца.
Я сонейка жадаю вам!

Імгненні адбівае сэрца,
Імгненні, іх не супыніць.
Узыдзе сонца, цёплы вецер
Разбудзіць, каб любіць і жыць!

MEMENTO...

            Мароз! - крышталёвыя вэлюмы соснаў.

     Мароз! - крышталёвыя шаты бяроз.

     Я сцежкай бялёсай, насуперак лёсу,

    Іду пад нябёсы: дзе жыў, дзе я рос.

 

Звіняць пад нагамі маімі ільдінк,

            Звініць павучынкамі шэрань-крышталь,

     Імкну да хацінкі ў Сусвеце адзінай,

           Дзе зладзіць мне баль мая даўняя даль!

 

   У той далі на лузе, улетку пракосы

          Мяне ахінуць пахам стомленых кветак,

      А раніцай лозы, срабрыстымі росамі

        Асвецяць жывою вадой мой палетак.

 

      У далі той даўняй хвалююцца хвалі,

        У хвалях лунае адчайны мой ветразь.

 Там кліча мяне... І мяне праганяе

        Юначая, звонкая, светлая Вечнасць!

  

         Звіняць пад нагамі ў травах ільдзінкі,

             Звініць пад нябёсамі песня крышталяў,

       Імкну да хацінкі у Сусвеце адзінай,

               Дзе шчасная роспач маіх родных даляў.