Матулiна песня

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
Ганне Канановіч – Цімохіна

Прысвячаю маей маці
Ганне Канановіч – Цімохінай

Калісьці з прадвеку матуліна песня
Шырока і вольна гучала з-пад Вільні,
Сьпявалі дзяўчаты яе на Палессі,
А ім падпявалі хлапцы пад Магільным.
Пад скрыпку, жалейку, ды гуслі — цымбалы
Танок свой вяселы вялі палачане…
Хто ж ведаў, што прыйдзе чужынцаў навала
І песні на горла абцасамі стане.
Хто ж ведаў у Смаленску, альбо на Палессі,
Што песню аглушаць, а спеўцаў за краты,
І Край родны стане Расеяй і Крэсамі,
Лукiшкамi стане: i Курапатамi!

А з турмаў — магіл, да нябесных вытокаў,
З скрываўленых вуснаў Народа-Паэта,
Гучала ад Бранска, да Беластока:
"Люблю мой край, старонку гэту…"
І мілы матыў той чароўнымі звонамі,
Крынічкай звінеў у душы немаўляці,
А маці — Радзіма, прыгонна-палонная
Спявала ў забранай чужынцамі хаце.
І тыя крынічкі адвечна сардэчныя 
З- пад Бранска, з-пад Вільні і аж з Беластока
Мне часта ў снах,так звіняць у Маладэчне,
Матулінай песняй: шырокай, далёкай…