Курган

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
Дубоўкі. Пад Маладэчнам. З архiва брата

Пісаць пра зоры, пра аблокі,
Пра ружы цвет, пах палыну
Прыйшоў я на курган высокі...
Не атрымалася — імкну
Ў даль вякоў, у свет змаганняў,
У ранні золак тых часоў,
Якія толькі на кургане 
Сівым пачуеш. Хоць зышоў
І сплыў той час у далягляды:
Час не павернеш наўзварот,
Дарог яго не змерыш! Рады 
Яму не даць. Ды каб хто змог 
Той час вярнуць. Кургана клады
Рукой крануць — то бы аглох
Ад тупату святой Пагоні,
Ад рэха, што ідзе з Зямлі,
З Кургана. Чуеш? — грозна коні
Заіржалі, бітву пачалі
З навалай браткі-беларусы
За свет шчаслівы, вольны край,
Каб iх нашчадкi без прымусу
Iшлi на працу - цёмны гай
Палiлi спосабам падсечным,
I з мёду хмельны мёд варылi, 
Каб смела, шчыра i сардэчна

На роднай мове гаварылі.
З сябрамі. З ворагам — дастойна
Жалезнай мовай размаўлялі
І на граніцах краю вольнага,
Каб варту моцную трымалі:
Памежны сыпалі курган,
Каб з вышыні варожы стан
Угледзіць, раць на бой сабраць,
Насмерць стаяць!..
За гонар продкаў спарахнелых,
За Волю ў сваёй Зямлі, 
Што клічуць у свеце Руссю Белай!
Яны так многае маглі...
А мы? Стаю я на кургане, 
А ён, як востраў у акіяне,
Наўкол цунамі, землятрус,
Курган вось-вось у нетру кане...
Пад гром і стрэлы Перуновы
Збудзіўся, бачу свет узноў я:
Курган сівы, зымшэлы, ціша,
Узвей-вецер травамі калышыць,
Бярозкі, сосны, верасок...
Спі, продак мой, я незнарок
Прыйшоў сюды, складаю вершы.
Я не апошні — прыйдуць лепшыя!