Жорны

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
Багародзіца

Камбікормавы млын у старажытным касцёле
Меле зерне на пыл, трэ ўшчэнт каласы.
Будзе корм для свіней, альбо іншай жывёле,
Толькі шорах па скуры і сэрца крычыць:
"Хто?! Няўжо чалавек! Без душэўнай патолі,
Зрабаваў гэты храм незямное красы!
Хто Святыню прынёс у ахвяру жывёле?!"
Ціш… Мадонна ў вочы мне з фрэскі глядзіць.
Меле жудасны млын, трушчыць зерне жывое,
Вобраз продкаў трэ ў пыл і ніяк не спыніць!
Я крычу: "Хто млынар! Хто пайшоў на такое! "
А ў душу быццам лёс з даўняй фрэскі глядзіць... 

Ракаў, 1986