Вяртанне

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
Пад Беластокам. З архiва брата

Цёплае сонца над восеньскім краем,
У полі даўно ўжо няма збажыны,
Пахне паветра рачулкай і гаем,
Змалку прыветныя далі відны.
Ведаю, сэрца было тут заўсёды,
Тут дзе Радзіма, дзе гай і ручай,
Зведаў чужога жыцця асалоды,
І толькі ў снах адступаўся адчай,
Калі замрояцца мне краявіды
Родных прастораў і пах палыну,
Калі паўстане маленства прывідам — 
Бярозка на сіняй сурвэтцы ільну!
Бачу на печы цябе, родны браце,
Бацьку на лаўцы, паводле сцяны,
Ціхай усмешкай свеціцца маці,
Свята ў хаце! Скваркочуць бліны…
Там на чужыне прыгожа да бляску,
Многа таго, што не зведаеш тут.
Толькі ж няма там сардэчнае ласкі,
Сэрца ірвецца ў родны свой кут:
Той, дзе калiсьцi хлапчук басаногi
Марыў над рэчкай, над чыстай вадой,
Той, ад якога жыццёвай дарогi
Збачыў пачатак, спаткаўся з бядой.
Сонечны ранак. А ў сэрцы аж ззяе:
Явы - успамiны - як бы забыццё.
Сэрца нядужае кут мой ласкае...
Я ўжо спазнаў, што не вечна жыццё.
Ведаю я, назаўжды застануцца 
Родных, да болю, віхуры ўспамін.
Ведаю, трэба сюды мне вярнуцца:
Тут спачываць буду я не адзін.
Тут мае родныя, з роднае вёскі — 
Хлопцы, дзяўчаты і я паміж іх.
Будуць трымцеці над намі пялёсткі
Мілых рамонкаў, лісточкі ажын.
Вечная, любая Маці-Радзіма,
Прымеш ты з ласкай — я ж сын родны твой!
Тут пад нябёсамі сінімі-сінімі
Беднаму сэрцу дасі супакой.