Вандолы

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
выява

Наўсцяж дарогі стынуць пералескі,
Усцяж дарогі снег мяце пазёмка.
Мае трывогі, можа быць, шчэ з хрэсьбін,
Як ахрысцілі ў царкве за вёскай.
Далі імя, ды не згадалі — шчасьця,
Ды не пазбавілі сірочай долі.
Мяне ў санях конь невядомай масьці
Вёз па жыццi ад долi - да нядолi.
Мяне люляў мой месяц-бацька Люты.
Мне сыпаў сьнег замест чаромх-пялёстак,
Замест чароўнай краскі мяты-руты
Мне шэрань дрэў падараваў мой хросны.
І мо таму так хочацца ў лета,
Дзе сонца і цяпло, дзе водар мёду.
Ды вось шкада мне пералескаў гэтых…
Хто ж іх сагрэе ў сьцюжу-непагоду!