Беларусь - гэта Святое

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
Алесь МАРА - Зорны Коннік

Чалавек, як Боскае стварэнне падуладны часу, ды не падуладны Вечнасцi.

Дух вечны. Духоўнае праз творчасць, мастацтва,не зьнiкае, не расцярушваецца ў прадоньне i бездань.

I калi мы гаворым, што талент ад Бога, то цi можам мы сумнявацца, што дадзенае Iм некуды знiкне.

Ды чалавек слабы. Надзелены талентам, яму часам карцiць пры жыццi быць кананiзаваным, хадзiць у арэоле славы з пазалочаным нiмбам, узятым напракат у сённяшнiх часовых уладароў. I здаецца яму, што ён грэшны ўжо наблiзiўся да сонму Святых.

Няшчасныя! "Будзь апошнiм, каб быць першым" - гаварыў Хрыстос. Аб гэтым думаў Паўлюк Багрым, якi сваiм адзiным вершам увайшоў у Арыепаг славутых iмёнаў нашай Бацькаўшчыны. I гэтак жа робiць Лявон Цiмохiн - паэта з Маладэчна, калi з Божым натхненнем кладзе свае шчырыя пранiкнёныя радкi на чыстае тло паперы. I слова ягонае ўзносiцца як малiтва аб нашым Краi, нашых Пакутах, нашай Веры.

У культуры, мастацтве не iснуе такога паняцця як "Правiнцыя." Дзе ты сёння ёсць, тамака i цэнтр Сусьвету.

Цэнтр Цывiлiзацыi. Бо ты Творца з ласкi Божай. На табе сышлiся ўсе дарогi учарашняга, каб ты сённяшнi спраўдзiўся. Так i тут!

Калi я чытаю вершы Лявона Цiмохiна, то за кожным радком адчуваю ягоную прагу данесьцi да свайго блiжняга паэтычнае слова праўды, якое б разбудзiла яго, не пакiнула абыякавым i самотным.

Душа Лявона абдымае ўвесь Сусвет, ягоная талерантнасць i любоў не ведае межаў, але гэта не азначае, што ён не разборлiвы ў сваiх душэўных памкненнях. Ён ведае: зь кiм быць i пра што сьпяваць.

Беларушчына - ёсць той асялок на якiм адточваецца ягоная паэзiя, ягоны талент.

Беларусь для Паэта - гэта сьвятое! Учытаецеся. Уздрыганецца душа!

Мой, Бог! Я грэшны сын i я смяротны,
Але прадстаўшы прад Судом Тваiм
Малiць я буду зноў за люд мне родны:
Крый, Божа, край наш, злiтуйся над iм!
Звяртаюся да ўсiх, хто ў паняверцы,
Каго знявечыў прайдзiсвет i хлус:
Услухайцеся ў сваё вы сэрца:
Калi ў iм Бог - жыць будзе Беларусь!

Алесь МАРА - мастак, паэт
18.03.2003. Менск