ГІМН УКРАІНЫ

 Лявон
сер, 28/07/2021
Ukr
У перакладзе Беларуса Лявона Цімохіна з Маладэчна. 
Ілюстрацыя ўкраінскага мастака.

 

«Згінуць ворагі краіны, як раса на сонцы»

Сёння Украіна адзначае галоўнае свята — Дзень Незалежнасці! Павіншаваць украінскі народ мы вырашылі беларускім перакладам дзяржаўнага гімну Украіны, які зрабіў маладзечанскі паэт Лявон Цімохін. Упершыню гэты пераклад да друку рыхтаваўся ў 2005 годзе, але наклад газеты і кампутары былі канфіскаваныя…


Што для краіны гімн? А што сёння гімн для Украіны? Ён гучаў на Майдане пад час памаранчавай рэвалюцыі і тады, калі расійскія танкі пляжылі ўкраінскую зямлю. Ён натхняў і надаваў мужнасці, абуджай гістарычную памяць і вызначаў новы шлях украінскага народа да сябе самога. Можна сказаць, што гімн рыхтаваў еўрапейскі шлях Украіны. Больш за стагоддзе, пакуль быў неафіцыйным. І пасля ў якасці дзяржаўнага. Утрымліваў мэту, не даваў збочыць У гэтым таксама ёсць своеасаблівы знак для нас. Задумаемся над лёсам і будучыняй роднай Беларусі, чытаючы гімн Украіны.

Упершыню пераклад украінскага гімну на беларускую мову зрабіў паэт з Маладзечна Лявон Цімохін. Да друку гэты пераклад быў падрыхтаваны яшчэ ў дзясяты нумар газеты "Згода" за 2005 год, але трапіў пад арышт разам з кампутарамі, якія былі канфіскаваныя Партызанскім РУУС 24 сакавіка і накладам.

Сёння мы друкуем гэты пераклад яшчэ раз, каб павіншаваць нашых паўднёвых суседзяў з найвялікшым дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці!


ГІМН УКРАІНЫ

Не памерлі Украіны ні слава ні воля!

Шчэ, браткі нам маладыя, усміхнецца доля,

Згінуць ворагі краіны, як раса на сонцы.

Запануем мы, браточкі, у сваёй старонцы.

 

Душу, цела мы паложым За нашу свабоду!

І пакажам, што браты мы казацкага роду.

 

Станем у бой крывавы браткі, ад Сану да Дону,

У родным краю панаваці не дамо нікому;

Усміхнецца Чорна мора. Дзед Дняпро заззяе.

І ў нашай Украіне доля ўзбуяе.

 

Душу, цела мы паложым За нашу свабоду!

І пакажам, што браты мы казацкага роду.

 

Праца шчырая заўзята шчэ свайго даб'ецца.

Песня волі на Украйне гучна разнясецца.

За Карпаты адаб'ецца загамоніць стэпам.

Святло славы Украінскай ворагаў аслепіць.

 

Душу, цела мы паложым За нашу свабоду

І пакажам, што браты мы казацкага роду.

 


“Буду рады, калі мой пераклад братняга украінскага гімна дапаможа нашым народам моцна абняцца і разам трымацца !!! СЛАВА УКРАІНЕ! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!”, — так пракаментаваў Лявон Цімохін публікацыю перакладу ў “Новым часе”. 

А яшчэ даслаў свой чарговы пераклад, на гэты раз верша вядомага ўкраінскага паэта Васіля Сіманенікі, які, па меркаванні спадара Лявона, якраз пасуе да Дня Незалежнасці.

 

Народ мой ёсць!

Дзе зараз каты вы майго народу?

Дзе сіла ваша, ваша веліч дзе?

На зоры ціхія, на ясны воды

Зло ваша чорнае ўжо не ўпадзе!

Народ расце і памнажае дзеі

І без нагаек вашых, палаша.

Пад сонцам старажытным маладзее

Яго лагодна-моцная Душа!

Народ мой ёсць, народ заўсёды будзе:

Нішто не перакрэсліць мой народ,

Бо шчэзнуць крутавохі і прыблуды

І орды злых захопнікаў — увесь зброд!

Вы, катаў байструкі асатанелых,

Не забывайце вырадкі нідзе:

Народ мой Ёсць у Яго гарачых жылах

Кроў казакоў пульсуе і гудзе!

 

Са Святам, Украіна!