Хто мы?

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
выява

Забыты спеў гучыць у душы абрыўкам ноты,
Паспеў пасеў, ды колас пачарнеў...
Хто мы? Літоўцы кажуць — готы,
Не, — баалты, цягне жмудзін нараспеў.
Не, вы з германцаў сёй-той з немцаў маніць,
А рэха глуха ў сэрцы — "Drang nach Ost!"
Цар папракаў: "Вам что! Отбили память?
Ведь вы исконно-русский, наш народ!"
І ляхам пэўна доўга будуць сніцца:
І Pinsk, і Minsk, і наш Смаленскі шлях...
Гранічаць з роспаччу маёй зямлі граніцы 
Ў маланках навальнічных па начах.
Гнеў роспачы схаваў мой люд у курганах
Скарб перуна, свой абарончы дар.
Гавораць: Грымне ён — паўстане з нетраў Памяць.
Абвесціць усім: Хто раб, хто гаспадар!
Ды Божага Святла адлюстраванне
На даўніх хмарах, нашых навальніц
Не будзіць сном знявечанаю памяць,
Што ніцма спіць ля дзедаўскіх граніц.