Намалюй мне песню, дружа

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
З архiва брата

Намалюй мне песню, дружа,
На зімовай снежнай хмары,
На завейным на абшары
Намалюй мне песню, дружа!

Каляровай пастараллю
Хай жыццё мяне закружыць
Ранак ранні на Купалле
Намалюй на хмарах, дружа.

Намалюй касцёр у ночы,
Светлячкоў у срэбнных росах
І саромлівыя вочы,
І расплеценыя косы.

Намалюй мне песню, дружа,
Развітанне на світанні
І вясновае каханне,
А замест сумётаў ружы.

Хай цвітуць яны ў сэрцы,
Палымнее колер ясны,
Каб душою не памерці,
Каб надзея не пагасла.