Малiтва

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
Р. Мяжуеў

Калі на чорных хмарах бліскавіца
Ўзрывае цемру глыбіні вякоў
Шапчу малітву, хачу памаліцца
За Беларусь, за край маіх бацькоў.

Крый, Бог, народ мне родны ад прымусу,
Што гоніць люд наш ад Твайго святла.
Крый, Бог, сыноў і дочак Беларусі,
Што пад бядой чарнобыльскай лягла.

Дай, Бог, бязмежна мудры, літасцівы,
Дай моц! — нам не хаваць сваіх грахоў,
Хай міласэрднасць пераможа хцівасць
У тых, хто волей нам хвалюе кроў

Дай, Бог, майму народу паяднанне,
І сілы дай абараніць свой лёс.
Дай, Божа, нам усім рашучасць пакаяння
За талерантнасць злу і мора слёз!

Крый, Божа, нас ад жудаснай напасці — 
Бяспамяцтвам нашчадкаў не карай 
І каб лукавы зноў не змог украсці 
У Края Веру, а ў Веры Край!

Мой, Бог! Я грэшны сын і я смяротны,
Але прадстаўшы прад Судом Тваім
Маліць я буду зноў за люд мне родны:
Крый, Божа, край наш, злітуйся над ім!

Звяртаюся да ўсіх, хто ў паняверцы,
Каго знявечыў прайдзісвет і хлус:
Услухайцеся ў сваё вы сэрца:
Калі ў ім Бог — жыць будзе Беларусь!