Гiмн надзеi

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
25 Сакавiка, Маладэчна

Няхай паўстане Бог!
(цар Давiд)

Гучыць струна ў збалелым сэрцы — 
Мінорны лад, мажорны лад,
Хутчэй, павольней сэрца б'ецца,
То страпянецца неўпапад.
Чаруюць музыкаю сэрцы
Тваё-маё, маё-тваё.
Мільёны сэрцаў у канцэрце
На сцэне з назваю "жыццё".
Хоць розны рытм і мілагучнасць,
А сэрцамі адно пяём
Прыслухайцеся — стане чутна:
Спяваюць сэрцы пра Жыццё. 

Сярод хлусні, маны, спакусаў
Наш боль у сэрцы чуе Бог,
Малюся: "Госпадзе Ісусе
Я веру, Ты нам дапамог: 
Знаць, што паўстанеш мудры, грозны
І перад воблікам тваім
Загіне хлус, як лёд у вёсны,
Развеецца, як ветрам дым!"
І загучыць пад небам з мора,
З зямлі падножжа Божых ног
З’яднаным беларускім хорам
Наш кліч: "Няхай паўстане Бог!"

25 Сакавiка, Маладэчна