Бэтлеемская Зорка

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
Наша Вiльня. С. Палiвода

Неба ў сполахах зарніцаў,
Гром нябесны не сціхае,
Ні схавацца, ні прыкрыцца
На абшарах свайго краю.
У гаротнай у старонцы
Хмары, сцюжа, сумна, горка,
Замутнела Праўда — сонца...
Толькі з Бэтлеема Зорка 
Наўзамен зямных жаданняў,
Што начамі ціснуць сэрца,
Асвятляе нашу памяць.
Зорка - знак збаўлення з смерцi! 
Край пад страхам, пад пагрозай,
Пад абцасам цёмнай сілы,
Прад нашэсцем зграі грознай...
Божа — правы, Божа — мілы,
Неба ў сполахах зарніцаў,
Гром нябесны не сціхае…
Дзе ж вады святой напіцца
На абшарах свайго краю?
Ды ў чорную хвіліну,
Як ад крыўды горка плачу,
Скорзь няпраўды павучынне — 
З Бэтлеема Зорку бачу.