Нямы плач

 Лявон Цімохін
аўт, 26/06/2018
Люцынка. З архiва брата

Цiха, ласкава шапоча ля дому
Лiсцямi клён мне аб нечым знаёмым.
Вецер спявае ў збожжавым полi,
Сумнае рэха пяе ў наваколлi,
Плача вярба ля рачулкi, над вiрам,
Жоравы плачуць-спяшаюцца ў вырай:
Сэрца маё захлынаецца болем,
Стогне душа з векавога ярма,
Дзесцi з-пад сэрца iрвецца на волю
Роднае Слова, - мовы няма! 
Цяжка мне, сорамна, я нездаровы,
Я занямеўшы для роднае мовы.
Чую, шчабечуць па-беларуску
Ластаўкi ў небе,

Чую, шапочуць, па-беларуску
Калоссi аб хлебе,
Вецер пра Край мой пяе адмыслова:
Дзе ж мая мова, родная мова!
З сэрца iрвецца пакрыўджаны крык,
Ды не скранецца знямелы язык,
Не вымаўляецца Роднае Слова,
Б'ецца ў сэрцы замкнёная мова.
Плача душа ад жахлiвай бяды,
Плача па мне ў небе хмурным вятрыска,
Я памiраю зусiм маладым,
Змучаны рабствам i мовай чужынскай...
Каб ачуняць-уваскрэснуць не змог
Вешае кат мне на сэрца замок.